Прафарыентацыя — з дзіцячага сада

25.03.2019
Маленькія жыхары Жодзіна смела крочаць “Па шляху да прафесіі” — праект пад такой назвай рэалізуецца ў горадзе.

Дзеці дашкольнага ўзросту, атрымліваючы ўяўленні аб ролі працы ў жыцці чалавека і грамадства, знаёмяцца са светам прафесій, уключаюцца ў пасільную працоўную дзейнасць, набываюць першапачатковыя працоўныя ўменні, вучацца дапамагаць старэйшым, шанаваць і паважаць працу.

“Яслі-сад  № 17 “Залаты ключык” рэалізуе праект пры цесным супрацоўніцтве з  Жодзінскім прафесій­ным ліцэем. Узаемадзеянне накіравана на стварэнне аптымальных умоў для фарміравання ў выхаванцаў дашкольнага ўзросту ўяўленняў аб працоўных прафе­сіях, звязаных са стварэннем прадметаў рукатворнага свету.

Ва ўстанове дашкольнай адукацыі навучэнцы ліцэя пад кіраўніцтвам майст­роў вытворчага навучання ажыццяўляюць заняткі з выхаванцамі ясляў-сада. Гэтыя заняткі і іншыя мерапрыемствы педагог старшай групы распрацоўвае разам з майстрам ліцэя. Змест пазнавальнай дзейнасці выхаванцаў, формы, метады знаёмства дзяцей з рознымі прафесіямі мэтанакіравана плануюцца і прадумваюцца выхавальнікам.

Майстры вытворчага навучання і выхавальнік папярэдне дамаўляюцца пра даты і час наведвання дашкалят. Удакладняюцца заняткі і рэжымныя моманты. Група навучэнцаў каледжа, прыходзячы ў дзіцячы сад, пераапранаецца ў спецадзенне, што адпавядае прафесіі, якую яны атрымліваюць. Гэта заахвочвае малых успрымаць інфармацыю з асаблівай цікавасцю.

Праз прафарыентацыйныя гульні, гутаркі, практычныя заняткі і іншыя ўніверсальныя формы работы дзеці атрымліваюць веды ад навучэнцаў каледжа. А разам з непасрэднымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу інфармацыю аб прафесіях атрымліваюць браты і сёстры дашкольнікаў, бацькі.

У яслях-садзе ладзіліся тэматычныя тыдні, у рамках якіх навучэнцы каледжа знаёмілі выхаванцаў старшых груп з рознымі прафесіямі: расказвалі пра сваю дзейнасць, дэманстравалі прылады працы, паказвалі некаторыя працэсы са сваёй работы. Напрыклад, дзеці маглі паназіраць за работай швачкі і прадаўца. І не толькі назіраць, але і дапамагчы майстру: прынесці і падаць інструмент, патрымаць лёгкую дэталь, абвесці крэйдай дэталь выкрайкі і г.д.

У працэсе азнаямлення з прафесіяй прадаўца дзеці з задавальненнем наведалі навучальны магазін у ліцэі, дзе была арганізавана сюжэтна-дыдактычная гульня. Малыя пабывалі ў ролі прадаўца: выдавалі тавар, выбіваючы квіток, працавалі з касавым апаратам. Выступілі дзеці і ў ролі пакупніка: выбіралі тавар, кансультаваліся. Навучэнцы ліцэя  падрыхтавалі прэзентацыю “Што трэба прадаўцу для работы?”,  правялі майстар-клас па вырабе падарункавых упаковак. Выніковым мерапрыемствам пры знаёмстве з гэтай прафесіяй стала музычная забава “Восеньскі кірмаш”, у якой узялі ўдзел і бацькі, і навучэнцы ліцэя, і выхаванцы дзіцячага сада.

Цікава прайшло знаёмства дзяцей з прафесіямі лёгкай прамысловасці. У працэсе азнаямлення з работай швачкі дзеці з задавальненнем разглядалі ўзоры тканін, падбіралі матэрыял па колеравай гаме і шчыльнасці, выраблялі дэталі выкраек для пашыву лялечнага адзення па сезонах, вучыліся звычайны кавалак тканіны з дапамогай немудрагелістых рухаў рук ператварыць у шыкоўную вячэрнюю сукенку. Дзеці даведаліся аб тэхналогіі вырабу адзення, узялі ўдзел у стварэнні адзення для лялек  — абмяралі, шылі, выразалі. Вырабы прадэманстравалі на “Паказе мод”, які стаў выніковым мерапрыемствам. 

Не толькі навучэнцы каледжа завіталі ў яслі-сад, але і выхаванцы ясляў-сада з задавальненнем наведвалі ўстанову, дзе вучацца іх старэйшыя таварышы. Для дашкалят былі арганізаваны экскурсіі ў ліцэй з магчымасцю пазнаёміцца з рабочымі прафесіямі, наведваючы майстэрні, дзе і засвойваюць гэтыя прафесіі.

Зразумела, перад дашкольнікамі яшчэ не стаіць сур’ёзна выбар прафесіі. Аднак пры прадуманай праф­арынтацыйнай рабоце дашкольны ўзрост можа стаць добрай падрыхтоўкай, асновай для прафесійнага самавызначэння ў будучыні. У выніку работы ў рамках праекта “Па шляху да прафесіі”  ўзбагацілася пазнавальная дзейнасць выхаванцаў, пашырыліся ўяўленні аб навакольным свеце, выявілася ўстойлівая цікавасць да працы дарослых.

Вікторыя ГЯЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 17 “Залаты ключык” Жодзіна.

Источник: Настаўніцкая газета

Меню раздела
Опросы
Как Вы оцениваете систему образования города?